BY
PL
EN
FR
DE
ES
Зянон Станіслававіч Пазьняк
Старшыня
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Вядзе актыўную
палітычную дзейнасьць, скіраваную на дасягненьне незалежнасьці
Беларусі ад неакаляніяльнага ўціску з боку расейскай імпэрыі.
Пасьлядоўны прыхільнік ідэі беларускага нацыянальнага
Адраджэньня, сфармуляванай ў пачатку ХХ стагоддзя дзеячамі
беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Вядзе актыўную
дзейнасьць па ўкараненьні ідэі нацыянальнага Адраджэньня ў
сучасным беларускім грамадзтве і па стварэньні моцнай вольнай
дэмакратычнай Беларускай дзяржавы. Прытрымліваецца маральных
прынцыпаў у палітыцы. Стаіць на пазыцыях прыярытэту
хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, прыярытэту свабоды нацыі, свабоды
сумленьня, павазе правоў асобы і індывідуальнага выбару веры. У
эканоміцы прытрымліваецца рынкавай мадэлі са свабодай
самаарганізацыі суб’ектаў гаспадараньня, угрунтаванай на
прыярытэце прыватнай уласнасьці.
Нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў мястэчку
Суботнікі Іўейскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Тут жа
скончыў сярэднюю школу. У 1967 годзе скончыў Беларускую
Мастацкую Акадэмію (тады – Беларускі Дзяржаўны
Тэатральна-мастацкі Інстытут), мастацтвазнаўчае аддзяленьне. У
1972 годзе скончыў асьпірантуру пры Інстытуце Этнаграфіі,
Мастацтвазнаўства і Фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981
годзе абараніў дысертацыю ў Ленінградзе па гісторыі беларускага
тэатру.
Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых
палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 г.) і пазбаўленьня
працы ў інстытуце Мастацтвазнаўства займаўся археалёгіяй (з 1976
г.). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у адзеле
археалёгіі Інстытута гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд
позьняга сярэднявечча ў Беларусі. (Раскопкі Менска, Лоска і
іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.) Шмат зрабіў для захаваньня
гістарычнай спадчыны і помнікаў архітэктуры старога Менску.
Адстаяў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску: Траецкае
прадмесьце, Верхні горад, Ракаўскае прадмесьце.
У
1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і
археалягічна дасьледваў масавыя пахаваньні людзей у Курапатах,
расстраляных ворганамі НКВД. Зянон Пазьняк – адзін з актыўных
заснавальнікаў і Старшыня Мартыралёгу Беларусі (1988 г.) і
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (1988 г.).
З
траўня 1990 года па студзень 1996 г – дэпутат Вярхоўнага Савету
12-га скліканьня, кіраўнік дэпутатцкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным
Савеце. Найбольш важныя справы, зьдзейсьненыя пад яго
кіраўніцтвам у гэты час: адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы
Чарнобыльскай катастрофы (1989-1990 гг.), вяртаньне
незалежнасьці Беларусі (1991 г.), нацыянальнага
Бел-Чырвона-Белага Сьцягу, гэрбу Пагоня і суверэнітэту краіны,
распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла
аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з “гарачых
кропак” савецкай імпэрыі на радзіму.
У
1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у
Вярхоўным Савеце створана Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця
дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікавана у “Народнай
газэце” 16.04.1992 г.).
У сакавіку 1996 года, унікаючы арышту і
фізічнага зьнішчэньня за палітычныя погляды і публічныя
выступленьні супраць незаконных дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі,
пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам. Праз месяц нечакана
для ўладаў вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы
дапамозе беларускіх патрыётаў пазьбег арышту пасьля акружэньня і
штурму АМАПам сядзібы БНФ. Быў на Ўкраіне, потым у Чэхіі,
Польшы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг
палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацьверджаньне пра распрацоўку
ў палітычных колах рэжыму на Беларусі пляна фізічнага
зьнішчэньня. У сувязі з пагрозай жыцьцю ўрад ЗША прадставіў
Зянону Пазьняку палітычны прытулак.
Зянон Пазьняк усе гады на эміграцыі
інтэнсіўна займаецца выключна палітыкай, прадстаўляе, абараняе і
рухае вызвольную справу беларускага Адраджэньня. Сустракаецца з
палітыкамі, грамадзкасьцю, журналістамі розных краінаў, бароніць
правы беларусаў і незалежную Беларусь. Акрамя таго,з 1996 году
на грамадзкіх пачатках ён рэдагуе і выдае ў Варшаве сумесна з
жэнкай Галінай Пазьняк бюлетэнь “Беларускія Ведамасьці”.
Зянон Пазьняк захаваў беларускае
грамадзянства і пастаянна працуе ў беларускай палітыцы.
Зьяўляецца Старшынём партыі і руху БНФ. Непасрэдна праводзіць
паседжаньні кіруючых структураў БНФ і Партыі БНФ. Ён напісаў
сотні навуковых, палітычных і культуралягічных артыкулаў, выдаў
каля дзесятка кніг і брашур. Ужо ў гэтым стагоддзі выйшлі ў
сьвет чатыры кнігі: кніга фота-вершаў “Глёрыя Патрыя”(2000 г.),
складнік палітычна-асьветніцкіх артыкулаў “Новае Стагоддзе”
(2002 г.) і культурна-асьветніцкае выданьне “Гутаркі з Антонам
Шукелойцем”(2004 г), паэма ў трох частках “Вялікае Княства"(2005
г.).
Сям’я З.Пазьняка, жонка Галіна, і дачка Надзея з-за пагрозы
палітычнага перасьледу выехалі за мяжу, жывуць у Варшаве.Маці
Ганна Яўхімаўна – пэнсіянерка, жыве ў Менску. Бацька Станіслаў
быў мабілізаваны ў Чырвоную армію летам 1944 года і загінуў на
фронце (на тэрыторыі Польшы) ў сьнежні 1944 года.