АБ ДЗЕЙНАСЬЦІ НА
ШКОДУ НАЦЫІ
(Выступ на кастрычніцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
…За апошні месяц, які мінуў пасьля верасьнёўскага Сойму нашай
народнай Партыі, на Беларусі не адбылося ніякіх станоўчых
падзеяў ні ў палітыцы, ні ў культуры, ні ў эканоміцы. Гэта ўжо
стала звыклым: нацыянальны рэгрэс як палітычная зададзенасьць.
Унутраная рэакцыя ў
Беларусі адчувальна ўзмацнілася пасьля прыняцьця існуючага
рэжыму ва Усходняе партнёрства. Гэта зьвязана з істотным
адмаўленьнем Эўразьвязу ад дэмакратычных каштоўнасьцяў у
адносінах з антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі. Тут жорсткая
заканамернасьць: як толькі адбываецца адмаўленьне ад
дэмакратычных прынцыпаў і паслабленьне цьвёрдай пазыцыі ў
дачыненьні да дыктатуры, дыктатарскія рэжымы тут жа ўзмацняюць
рэпрэсіўны ціск на грамадзтва і робяцца яшчэ больш агрэсіўнымі.
Дакладна такое назіралася ў 30-х гадах мінулага стагоддзя з
Гітлерам. Але справа ў тым, што “чэмбэрлены” не засвойваюць
гісторыю там, дзе яна не адпавядае іхнім інтарэсам. Таму
гісторыя, як правіла, паўтараецца ўвесь час, толькі ў іншых
абставінах.
Эўропа, фактычна, пагадзілася з ультыматумам (інакш не назавеш)
антыбеларускага рэжыму прымаць яго такім якім ён ёсьць без
усялякіх умоваў і патрабаваньняў аб дэмакратыі.
Улічваюцца толькі інтарэсы. Эўразьвяз, практычна, цалкам
адвярнуўся ад беларускай грамадзянскай супольнасьці. Літаральна
ў гэтыя дні, напрыклад, нелегітымная палата ратыфікавала
рамачнае пагадненьне з Камісіяй Эўрапейскіх супольнасьцяў аб
парадку тэхнічнай дапамогі. Усе праекты тэхнічнай дапамогі
будуць ажыцьцяўляцца толькі з дазволу рэжымнай улады. Гэта
абазначае, што грошы ад Эўразьвязу павінны выдзяляцца толькі
антыбеларускаму рэжыму. Ні пра якую грамадзянскую супольнасьць,
дэмакратыю ды правы чалавека гаворкі тут больш няма.
У сувязі з гэтым мушу нагадаць тое, пра што кажу ўвесь час: пра
фальшывасьць, падвойны стандарт і выгадніцкі інтэрас эўрапейскай
палітыкі. Гэтая палітыка ўскладняецца яшчэ тым, што
дэмакратычная сістэма ў сьвеце перажывае глыбокі цывілізацыйны
крызіс культуры, якую яна спарадзіла. Гэты крызіс прымае штораз
больш разбэшчаныя і збочаныя формы рэгрэсу.
Некалі мы падтрымалі адмену санкцыяў на ўезд у ЭЗ для
парушальнікаў права з чыноўнай намэнклятуры сярэдняга зьвяна (бо
Эўропа павінна была зрабіць нейкі крок насустрач). Адмена
забароны на ўезд для самога ўзурпатара і некаторых спраўцаў
злачынства з вышэйшага ўзроўню ўлады абстаўлена ўмовамі і
затрыманая да лістападу гэтага года. Цяпер добра відаць, што
тактыка саступак і адмены санкцыяў сябе не апраўдала (хоць і
паклала пачатак новай усходняй палітыцы). Зараз мы павінны
цьвёрда ставіць пытаньне перад Эўразьвязам аб захаваньні
санкцыяў для Лукашэнкі і яго злачыннага асяроддзя.
х х х
Пацьвярджаюцца ацэнкі
нашай народнай Партыі аб акупацыйнай небясьпецы расейскіх
вайсковых манэўраў “Захад-2009” у Беларусі. Нягледзячы ні на
законы, ні на грамадзкую думку, узурпатар увёў чужыя войскі на
тэрыторыю краіны. Манэўры закончыліся 29 верасьня. Цяпер
высьветлілася, што расейскія войскі не выведзеныя.
Месцазнаходжаньне іх засакрэчана, і ў Міністэрстве абароны
Беларусі сказалі журналісту радыё “Свабода”, што без дазволу
Расеі яны ня маюць права паведамляць куды і зь якіх чыгуначных
станцыяў будуць адпраўленыя расейскія войскі (хоць войскі да
гэтага часу нікуды не “адпраўленыя”). Усё гэта сьведчыць пра
ненармальныя адносіны. Міністэрства абароны не камандуе ў сваёй
краіне.
Пляны акупацыі Беларусі ў Маскве ёсьць даўно. Яны выпрабоўваюцца
рознымі спосабамі. Злачынная роля ў гэтым Лукашэнкі
першаступенная. Рэжым гуляе суверэнітэтам дзяржавы.
Нядаўна зьявіліся ўскосныя зьвесткі аб знаходжаньні расейскіх
войскаў у Жодзіна пад Менскам. Расейцаў падвялі іхня прывычкі. 6
кастрычніка ў Жодзіна ў краме злавілі злодзея, які скраў
шампунь. Злодзеем аказаўся пераапрануты ў цывільнае рускі афіцэр
з кантынгенту запрошаных Лукашэнкам расейскіх войскаў.
Зразумела, што Жодзіна не адзінае месца дыслакацыі расейцаў.
Наша Партыя мусіць цяпер ажыцьцявіць усё магчымае па
высьвятленьні рэальнага становішча.
х х х
Заручыўшыся
няўмяшаньнем Эўразьвязу, антыбеларускі рэжым, як бачым, перайшоў
у адкрыты наступ па вынішчэньні беларускай нацыі. Русіфікатары,
праўда, ужо даўно не хаваюцца, але цяпер адчулі, што могуць
рабіць што хочуць. У гэтыя дні пачынаецца рэжымны перапіс
насельніцтва Беларусі. Пытаньні анкеты складзеныя некарэктна, па
шулерскай каляніяльнай мэтодыцы статус кво з мэтай заблытаць
людзей і атрымаць адказы, якія можна выкарыстаць супраць
беларускай мовы, каб потым абгрунтоўваць русіфікацыю і
акупацыйную палітыку. Галоўнае пытаньне перакруцілі так: “Ваша
родная мова?” А ў дужках дадалі заведама няправільнае
тлумачэньне ці, дакладней, указаньне (“мова, засвоеная першай у
дзяцінстве”). Тым часам роднай мовай зьўляецца мова нацыі да
якай чалавек належыць, хоць ён можа нават не размаўляць на ёй ня
тое што не засвоіць першай. Гісторыя акупацыяў, калянаялізму і
імпэрыялізму пакінула сваю спадчыну ва ўсім сьвеце і добра
адлюстравала гэтае палажэньне . Давер да гэтакага перапісу такі,
як да лукашысцкіх выбараў, усё апускаецца ў гэбоўшчыну і лжывую
твань. Увогуле, беларусам павінна быць ужо даўно зразумела, што
як бы ні выкручаваліся “ворагі чалавецтва”, адказваць на ўсе
іхныя анкетныя пытаньні трэба проста і аднаслоўна: “беларус”,
беларуская”, “беларускі”, “Беларусь”. Нельга даваць сябе
акалпачыць. Ня трэба ўступаць у лішнія размовы з перапісчыкамі,
бо пытаньні складзеныя па жандармска-кагэбоўскаму прынцыпу і
парушаюць права на прыватнае жыцьцё чалавека. На некаторыя
пытаньні чалавек таму мае права не адказваць альбо адказваць
так, як лічыць патрэбным для сваёй абароны.
х х х
Апошнім часам (пасьля
захопу ўлады ўзурпатарам на трэці тэрмін кіраваньня) я пастаянна
зьвяртаю ўвагу, што дзейнасьць Лукашэнкі стала асабліва
небясьпечнай для краіны і нацыі. Цяпер жа, пасьля ўводу чужога
войска і спробаў сфальшаваць дэмаграфічную сытуацыю мусяць быць
дзеяньні ў адказ. Маўчаньне абазначала б капітуляцыю грамадзтва
перад цемрай (а мы назіраем ужо гэты працэс капітуляцыі,
асабліва ў інтэлігенцыі, у СМІ, у так званых грамадзкіх вярхах).
Нагадаю зноў, што рычагом для грамадзкай барацьбы з
антыбеларускім рэжымам павінен стаць эканамічны крызіс і
падрыхтоўка агульнанацыянальнага байкоту выбараў Лукашэнкі. Гэта
цяпер галоўная наша задача і галоўная праца.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
11 кастрычніка 2009 г.