АБ УСХОДНІМ
ПАРТНЁРСТВЕ
(Заява)
Мы вітаем ідэю “Усходняга партнёрства” і выказваем прызнаньне
Эўразьвязу за ўключэньне ў гэтую праграму Рэспублікі Беларусь.
Мы разумеем важнасьць агульных задачаў, якімі кіруецца
Эўразьвяз, прапануючы новы падыход у дачыненьні да
антыдэмакратычнага рэжыму Лукашэнкі, які мэтанакіравана зьнішчае
грамадзянскую супольнасьць у Беларусі.
Мы лічым, аднак, што забесьпячэньне правоў грамадзянскай
супольнасьці і кожнага чалавека павінна стаць ўмовай дачыненьняў
з аўтарытарнай уладай Аляксандра Лукашэнкі і мусіць быць
адзначаная ў пратакольнай частцы партнёрства. Удзел
грамадзянскай супольнасьці ва “Усходнім партнёрстве” стане
гарантыяй пазытыўных крокаў, будзе ствараць магчымасьці
станоўчага выбару для існуючай улады. Бяз гэтага ўдзелу
Партнёрства не асягне станоўчых вынікаў і будзе скарыстана
антыдэмакратычным рэжымам для апраўданьня сваёй разбуральнай
дзейнасьці.
Мы засяроджваем увагу на антыкультурным характары рэжыму
Лукашэнкі. Побач з разбурэньнем грамадзкай дзейнасьці і
зламаньнем правоў чалавека гэты рэжым метадычна зьнішчае
беларускую культуру, адукацыю і творчасьць, нацыянальную
гістарычную навуку, а паўсюдную русіфікацыю зрабіў галоўнай
асновай сваёй антыкультурнай палітыкі. Культура ў сучасным
сьвеце становіцца адным з галоўных чыньнікаў суверэнітэту.
Русіфікацыя і зьнішчэньне культуры павялічвае адмоўны ўплыў
праімпэрскіх колаў расейскай палітыкі на Беларусі.
У прыярытэтных накірунках дзейнасьці “Усходняга партнёрства” мы
хацелі б бачыць дапамогу па зьберажэньні беларускай культуры ад
сістэматычнага вынішчэньня антыбеларускім рэжымам. Мы прапануем
да тых пяці пазыцыяў, вылучаных з 12-ці патрабаваньняў
Эўразьвязу да ўлады ў Беларусі, дадаць шосты пункт аб
забесьпячэньні свабоднага разьвіцьця беларускай культуры,
адукацыі і творчасьці.
Мы лічым, што прыярытэтнымі накірункамі супрацоўніцтва ў галіне
эканомікі маглі б стаць энэргетыка і дыверсіфікацыя паставак
энэргетычных рэсурсаў, менавіта – інвестыцыі ў праектную і
тэхналягічную дзейнасьць па транспартыроўцы энэргетычных
рэсурсаў (нафты, газу, электрычнасьці).
Лічым неабходным таксама скасаваньне ўсіх перашкодаў з боку
ўлады ў галіне доступу насельніцтва да інфармацыі і
культурна-асьветніцкіх праектаў. Спрашчэньне візавага рэжыму і
зьмяншэньне коштаў за візы для грамадзянаў Беларусі спрыяла б
узаемаабмену думак і разуменьню дэмакратычнага ладу жыцьця.
Мы хацелі б прыцягнуць увагу палітыкаў Эўразьвязу да сігналаў аб
выпрацоўцы сумеснай стратэгіі Лукашэнкам і яго ўсходнімі
саюзьнікамі ў дачыненьні да “Усходняга партнёрства.” На наш
погляд, калі недаацаніць гэты чыньнік і не падключыць да
праграмы “Усходняга партнёрства” ўсіх сілаў Рэспублікі Беларусь
(уключна з эміграцыяй), то пэрспэктывы Партнёрства ў Беларусі
могуць не разьвіцца, або спыніцца (што найгорш) на ўзроўні
фактычнага прызнаньня і легітымізацыі недэмакратычнага рэжыму.
Адчуваючы адказнасьць за наш народ, мы зацікаўленыя ў
жыцьцяздольнасьці партнёрскай праграмы. Мы спадзяемся, што наша
пазыцыя будзе пачута і падтрымана ініцыятарамі і ўсімі
ўдзельнікамі “Усходняга партнёрства.”
6 траўня 2009 г. Прага.
Івонка Сурвіла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,
Зянон Пазьняк,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Станіслаў Шушкевіч,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Аляксандар Казулін,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 2006 г.