Крызіс
як магчымасьць пераменаў
(Ліст да сяброў Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
...У сувязі з крызісам сытуацыя, як бачым,
спрасьцілася, выявіліся асновы існаваньня гэтага рэжыму і яго
дачыненьні з Масквой. Усё больш выказьнікаў паказвае на тое, што
крызіс будзе зацяжным і, магчыма, на некалькі гадоў. Першым
палітычным вынікам зацяжной рэцэсіі мусіць стацца ўзрастаньне
агрэсіўнасьці Расеі і шуканьне выхаду ў вайне. Рускі гэбізм
спрабаваў ужо выклікаць грамадзкае абвастрэньне ва ўсходняй
Украіне, калі ў пачатку гэтага года адключыў падачу газу на
Ўкраіну і распачаў прапагандысцкую антыукраінскую кампанію.
Украінцы, аднак, рэалізавалі разумныя контрмеры, і крамлёўская
газавая афёра правалілася.
Другім подступам антынароднай палітыкі, якая робіцца
за плячыма людзей, стала падпісаньне 4-га лютага гэтага года
пагадненьня з Лукашэнкам і іншымі нявольнікамі “калектыўнай
бясьпекі” (АДКБ) аб стварэньні ваенна-карных сілаў “хуткага
рэагаваньня”. Гэтакія карныя войскі непатрэбныя нікому, акрамя
Расеі, якая хоча мець фармальнае права вайсковага ўступленьня на
чужую тэрыторыю. Расея скарыстала момант страху перад крызісам,
баяньне азіяцкіх і антыбеларускага рэжымаў страціць уладу і
глыбей зацягнула іх у свой ваенны блёк.
Зь беларускага гледзішча, гэта цалкам незаконная
апэрацыя, якая супярэчыць асноўным палажэньням Канстытуцыі,
законам Беларусі і пры гэтым падпісаная за плячыма народа
нелегітымным кіраўніком выканаўчай улады. Авантура абазначае
ўступленьне Беларусі ў расейскі ваенны блёк. Яна не прызнаецца і
ня можа быць прызнанай. Грамадзтва мае права супрацьдзейнічаць
гэтай антынацыянальнай палітыцы ўсімі сродкамі.
У гэтым жа кантэксьце страху Лукашэнка падпісаў за
плячыма народа пагадненьне аб так званай сумеснай з Масквой
супрацьпаветранай абароне, якое супярэчыць Канстытуцыі і
абсалютна не патрэбнае Беларусі, але было праплочана ўзурпатару,
што нават і не хаваецца.
Якая адказнасьць (ці, дакладней, кара) належыць
спраўцу, пытаньне рытарычнае – усё прапісана ў законах. Але
небясьпека здрады і антынародных дзеяньняў ня столькі ў тым, што
да ўжываньня закону можа не дайсьці, і нават ня ў тым, што
дойдзе запозна, але найперш, у аб’ектыўнай несувымернасьці
злачынства і пакараньня. Рэжым Лукашэнкі ўжо зрабіў
столькі шкоды для беларускай культуры, дзяржавы і нацыі, што
хоць ты тысячу разоў пакарай іх усіх самым строгім чынам – гэта
не кампэнсуе ўсяго таго, што яны разбурылі. Хіба што ў
маральна-этычным, духоўным аспэкце існаваньня. І таму пакараньне
мусіць стацца неунікнёным, як акт справядлівасьці.
Антынароднае разгортваньне крызісу, падпісаньне незаконных
пагадненьняў пра чужыя карныя сілы, удзел у іх, доступ іх на
нашу тэрыторыю, незаконнае пагадненьне пра СПА сьведчыць аб
тым, што дзейнасьць А. Лукашэнкі стала крайне
небясьпечнай для Беларускай дзяржавы і нацыі. Далейшае
знаходжаньне яго на вяршыні ўлады недапушчальнае.
Пытаньне патрабуе неадкладнага і абавязковага вырашэньня.
Іронія становішча яшчэ ў тым, што грамадзтва
(дакладней, частка грамадзтва), формула існаваньня якога “абы не
было вайны”, падтрымліваючы Лукашэнку, усё больш набліжаецца да
рэальнасьці гэтай самай чужой вайны (прытым на сваёй тэрыторыі).
Пачатак фінансава-эканамічнага крызісу на Беларусі
праілюстраваў, аднак, што праблема найперш не ў “грамадзтве” (і,
тым больш, не ў народзе), а ў эліце, у вяршках гэтага
“грамадзтва”. Крызіс адразу паказаў нікчэмнасьць вяршкоў,
гніласьць інтэлігенцыі (за выключэньнем асобных змагароў), яе
філісьцерства, канфармізм, гатоўнасьць супрацоўнічаць з
антыбеларускім рэжымам, прыкрываючыся клопатам пра дзяржаву, абы
не было гэтай самай “вайны” – цяжкасьцяў, сацыяльных
абвастрэньняў у грамадзтве, канфліктаў з душыцелямі беларускай
свабоды і незалежнасьці.
Нешта падобнае мы, фронтаўцы, ужо бачылі і
перажывалі ў канцы 80-х мінулага стагоддзя, калі абвастрыўся
крызіс СССР. Тая ж самая дэманстрацыя нібыта клопатаў пра народ
з боку савецкіх элітаў, заклікі “не разгойдваць лодку” і
аб’яднацца вакол “лепшых сілаў КПСС”. Прырода філісьцерства
ўсюды аднолькавая і ва ўсе часы.
Мы не разглядаем крызіс як катастрофу, але як
пераходны пэрыяд разьвіцьця, якое патрабуе абавязковага
абнаўленьня, перамены арыентацыі, зьмены прыярытэтаў. Калі
перамены не адбываецца, крызіс пераходзіць у зацяжную фазу
стагнацыі, якая цягне за сабой дэградацыю ўсёй унівэрсальнай
сістэмы. Тады далейшае разьвіцьцё праходзіць праз катастрофу,
якая заканчваецца альбо выхадам у новую якасьць, альбо распадам.
(Клясычныя прыклады катастроф, выкліканыя крызісам, -- 1-я і 2-я
Сусьветныя войны.)
Людзі, якія ўлучаныя ў беларускую нацыянальную
палітыку, мусяць усьведамляць, што без ліквідацыі
антыбеларускага рэжыму абнаўленчы выхад Беларусі з крызісу
немагчымы; наступны этап – застой, крызісны маразм усёй
сацыяльнай сістэмы, які можа стацца нацыянальнай катастрофай. Ва
ўмовах крызісу трэба дзейнічаць згодна зь яго прыродай –
генэраваць і набліжаць перамены і абнову становішча, а не
кансэрваваць прычыны крызісу (чым кінуліся займацца розныя
грамадзкія ахоўнікі рэжыму). Трэба разглядаць крызіс як
магчымасьць, як шанц кардынальных палітычных, эканамічных і
сацыяльных пераменаў у беларускім грамадзтве. Ліквідацыя
нелегітымнага прамаскоўскага рэжыму – гэта ёсьць не асобнае
меркаваньне, ня пункт погляду і нават не варыянт, а аб’ектыўная
неабходнасьць і галоўная ўмова рэальнага выхаду з крызісу на
Беларусі.
Тут мушу яшчэ сказаць, што назіраньне за тым, што
адбываецца, прыводзіць да думкі, што крызіс сапраўды будзе
доўгім і з пэўнымі адплывамі і даплывамі можа трываць працяглы
час, цэлыя гады, бо сутнасная першапрычына яго (стымулятар
завіхрэньняў) ёсьць ня толькі маніпуляцыі фінансавых акулаў і ня
толькі крах амэрыканскай іпатэкі, і нават, магчыма, ня цэны на
нафту (хоць гэта і важна), але агульны глябальны стан сусьветнай
эканомікі і спажываньня. Сусьветны рынак напоўнены і
вытворчасьць ужо ня можа нічога прапанаваць новага. Патрэбны
скачок, выхад у новую якасьць тавараў (як гэта некалі, у 50-х
мінулага стагоддзя, прапанавала хімічная вытворчасьць, а ў канцы
ХІХ-га чыгуналіцейная. (Электроніка ня стала такой унівэрсальнай
рэвалюцыяй, бо ня ёсьць першасным таварам масавай
неабходнасьці.) Гэтая зьява (напоўненасьць попыту) супала з
энэргетычным напружаньнем на рынку асноўных рэсурсаў – нафты і
газу. Энэргетыка адчувальна стала адставаць ад замоваў і
патрэбаў цывілізацыі. Выхад з энэргетычнага голаду можа быць
усялякі, але толькі не ў стварэньні энэргетыкі ўчарашняга дня
(чым займаецца цяпер антынацыянальны рэжым у Беларусі – АЭС і г.
д.).
У мінулым лісьце я пісаў, што ліквідацыя палітычнага
рэжыму як першапрычыны агульнага крызісу на Беларусі магчымая
пры адпаведным ацэначным і настраёвым стане грамадзтва, дзе
галоўным зьяўляецца пратэстны настрой, імкненьне людзей да
пераменаў. Такі настрой у беларускім грамадзтве яшчэ асэнсавана
ня выявіўся, знаходзіцца ў схаваным і нават зародкавым стане.
Задача палітычнай партыі дапамагаць людзям выявіць і асэнсаваць
такі настрой, перавесьці яго ў дзеяньне. Людзі павінны мець
адказы на два клясычныя пытаньні: “Хто вінаваты?” і “Што
рабіць?”.
Мы мусім павялічыць і пашырыць нашую
палітыка-асьветніцкую працу па падрыхтоўцы спрыяльнага асяроддзя
для пераменаў. Канкрэтна мы ведаем, як гэта рабіць, таму я
спыняюся толькі на пачатковых лёзунгах і патрабаваньнях.
Наша пазыцыя павінна ўключаць патрабаваньне адхіліць
Лукашэнку ад улады, адмяніць накінутую фальшаваньнем канстытуцыю
дыктатуры, правесьці новыя выбары прэзыдэнта (сумесна з выбарамі
ў парлямант), згодна зь Беларускай дэмакратычнай Канстытуцыяй
1994 года і законамі, створанымі на яе аснове.
Наступныя антыкрызісныя патрабаваньні, якія павінны
быць пастаўленыя перад уладай: даць поўную вытворчую свабоду
людзям, каб чалавек мог бесперашкодна вырабляць, купляць і
прадаваць, што хоча, дзе хоча і каму хоча. Устанавіць
мінімальныя падаткі для такога прадпрыймальніцтва, вызначыць
сістэму зьніжэньня і пазбаўленьня ад падаткаў у выпадку
мецэнацкай дапамогі і філянтрапічнай дзейнасьці вызначаным
арганізацыям і асобам (школы, інваліды, творчыя пачынаньні і г.
д.).
Аблегчыць і спрасьціць беларусам выезды на працу за
мяжу. Зьнізіць кошт арэнднай платы за наём памяшканьняў для
бізнэсу і вытворчасьці ў некалькі разоў і для
грамадзка-палітычных і культурніцкіх арганізацыяў у 10-20 разоў.
Ліквідаваць манаполію Адміністрацыі прэзыдэнта на арэндную
плошчу, памяшканьні і нежылы фонд. Перадаць усё ў веданьне
мясцовых уладаў.
Гэта патрабаваньні першых крокаў.
Мы ўжо цяпер павінны рыхтавацца да адзначэньня 25 Сакавіка ці
ўгодкаў незалежнасьці БНР (Дзень Волі). Прапаную прыняць
адпаведнае рашэньне на Сойме і даручыць вызначаным асобам
зьвярнуцца ў Менгарвыканкам аб правядзеньні шэсьця і мітынгу.
Мітынг трэба рыхтаваць як палітычнае антыкрызіснае
мерапрыемства.(...)
Жыве Беларусь!
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Парты – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
5-8 лютага 2009 г.