Зварот да
Эўразьвязу і эўрапейскіх палітыкаў
Мы вітаем добрую волю Эўразьвязу, накіраваную на падтрымку
дэмакратычных сілаў Беларусі. Разам з тым, у сувязі з
інаўгурацыйным самітам праграмы “Усходняе партнэрства”, які
плянуе правесьці Эўразьвяз у Празе 7-га траўня гэтага году, мы
мусім заявіць, што пэўная канцэптуальная неакрэсьленасьць гэтай
добрай і ўзаемавыгаднай праграмы ў дачыненьні да дзяржаўнай
палітыкі ў Беларусі прывядзе да вельмі нэгатыўных вынікаў.
Запрашэньне кіраўніка
ўлады А. Лукашэнкі на саміт у Прагу ёсьць знакавым дзеяньнем,
якое, фактычна, легітымізуе дыктатуру, скасуе незаконнасьць яе
ўлады і прынятых антыпраўных рашэньняў. Вынікам запрашэньня А.
Лукашэнкі ў Прагу стане ўзмацненьне рэпрэсіяў і этнацыду
беларусаў, ціску на народ, перасьледу па палітычных прычынах за
іншадумства.
Мы ведаем становішча ў нашым грамадзтве, узровень думаньня і
матывы паводзінаў А. Лукашэнкі. Нягледзячы на міжусобныя
супярэчнасьці зь некаторымі сваімі саюзьнікамі, рэжым Лукашэнкі
праводзіць зь імі ўзгодненую палітыку, у тым ліку і ў падыходзе
да “Усходняга партнэрства”. Нявызначанасьць палітычных крытэрыяў
з боку Эўразьвязу задавальняе антыбеларускі рэжым А. Лукашэнкі і
яго саюзьнікаў, але супярэчыць інтарэсам Беларусі.
Аморфнасьць крытэрыяў у дачыненьні да антыбеларускага рэжыму
Лукашэнкі ставіць пад пагрозу нацыянальнае, гуманістычнае і
дэмакратычнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва.
Пасьля новых арыштаў у Беларусі па палітычных прычынах, пасьля
дэманстратыўных зрываў візыту эўракамісара па зьнешніх сувязях і
палітыкі добрасуседзтва, ёсьць дастаткова аргумэнтаў, каб не
запрашаць Лукашэнку на саміт.
У нас, падпісантаў гэтага звароту, розныя партыйныя пазыцыі і
розныя погляды на палітыку, але пагроза Незалежнасьці нашай
краіны і нашай грамадзянскай супольнасьці, якая ўзьнікае ў
сувязі з аднабокімі дзеяньнямі ў дачыненьні да рэжыму на
Беларусі, змушаюць нас гаварыць цяпер разам і адным голасам:
Лукашэнка не павінен быць запрошаны ў Прагу.
Мы спадзяемся на падтрымку гэтага звароту з боку нашых
балтыйскіх і заходніх суседзяў і прыхільнікаў адказнай палітыкі.
Івонка Сурвіла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,
Зянон Пазьняк,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Станіслаў Шушкевіч,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 1994 г.
Аляксандар Казулін,
кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ў выбарах 2006 г.
16 красавіка 2009 г.
Варшава, Менск, Атава.