Акупацыйны рэжым дзейнічае адкрыта супраць Беларусі
Апошнім часам
беларусам зь Нью-Ёрку стала немагчыма датэлефанавацца ў Беларусь
да пісьменьнікаў. Механічны голас у слухаўцы выраблена
гугнявіць па-расейску: то “лінія повріждіна”, то “позвоніте
попозже”.
І так з дня ў дзень.
Першай лопнула цярпеньне Валенціне Якімовіч. Зьвярнулася яна ў
кампанію MasterCall, праз якую тэлефанавала акурат Міхасю
Скоблу, і пытаецца чаму гэта сувязь зьнікла. А ёй і адказваюць,
што кампанія ні пры чым, бо у сувязі з палітычнымі падыходамі ў
Беларусі гэты нумар і шэраг іншых зачыненыя для камунікацыі
беларускім бокам. Пасьля гэтага Валенціна тэлефануе мне і
пытаецца ці не ўвялі на Беларусі ваеннае становішча.
Якое становішча ў
Беларусі – вядома. Нацыю душаць. Беларусажэрцы заплянавалі
ліквідаваць галоўную нацыянальную арганізацыю Беларусі – саюз
пісьменьнікаў, да зьнішчэньня якога маскоўская Лубянка і
рэжымная улада ў Менску рэгулярна крок за крокам падступаліся
ўсе гэтыя дванаццаць ганебных гадоў. Таму сувязь з Амэрыкай на
пісьменьніцкія тэлефоны адключылі заранёў.
22 лютага
Міністэрства юстыцыі зьвярнулася ў Вярхоўны суд з прапановай
ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Першае пасяджэньне
Вярхоўнага суду ў гэтай справе прызначана на 3 сакавіка.
Галоўныя прэтэнзіі да пісьменьнікаў носяць адкрыта ёрніцкі
характар. Беларусаненавісьнікі ўпэўненыя, што зробяць сваю
справу.
Міністэрства юстыцыі
пералічыла «прэтэнзіі» да найстарэйшай у краіне творчай
арганізацыі, а менавіта – адсутнасьць арыгіналу статуту,
наяўнасьць на будынку Дома літаратара шыльды з выявай гербу
“Пагоня”, карыстаньне цягам чатырох месяцаў пячаткай, на якой
назва арганізацыі ня ўзятая ў двукосьсі, а таксама правядзеньне
ў 2005 годзе ў кавярні Дома літаратара арганізацыйнага зьезду
“Грамады” (да якога пісьменьнікі ня маюць дачыненьняў).
Прыкрываючыся
выбарамі, Масква заплянавала шмат разбурэньняў у Беларусі. Гэта
ёй лёгка рабіць, там дзе народ не супраціўляецца. Але не заўсёды
так будзе. Літаратуру мы не страцім. Бацькаўшчыну зьберажэм, а
зь беларусажэрцамі і здрадай – паквітаемся. Яны нам яшчэ
адкажуць і за літаратуру, і за Сьцяг, і за Пагоню, і за ўвесь
народ.
24 лютага 2006 г.
Зянон Пазьняк