САНКЦЫІ ПАВІННЫ
ЗАСТАЦЦА
Заява
Ад часу падпісаньня пагадненьня аб Усходнім партнёрстве 7 траўня
гэтага года назіралася няўхільнае ўзмацненьне рэакцыі,
парушэньня правоў людзей і рэпрэсіўнай палітыкі антыбеларускага
рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Зьявіліся новыя палітычныя вязьні,
якіх утрымліваюць без суда, пачасьціліся перасьледы настаўнікаў
і іншых беларусаў за ўжываньне беларускай мовы. Пашырыліся
звальненьні людзей з працы па палітычных прычынах, зачыняюцца
праграмы беларускага радыё там, дзе яны ўзьнікаюць. Жорстка
перасьледуецца апазыцыйная беларуская моладзь (нематываваныя
арышты, зьбіваньні, пагрозы).
Узмацненьне рэпрэсіяў і антыбеларускай рэакцыі сталася магчымым,
на наш погляд, у выніку фактычнага і рэзкага паслабленьня ўвагі
з боку Эўразьвязу да дэмакратычных каштоўнасьцяў у дачыненьнях з
рэжымам Лукашэнкі. Саступкі Эўразьвязу ў прынцыпах і ў
дэмакратыі былі адэкватна ўспрынятыя Лукашэнкам як палітычная
перамога над Эўразьвязам. Гэта разьвязала яму рукі для далейшых
рэпрэсіяў і зьдзеку над беларусамі, над беларускай культурай і
здаровым сэнсам у спадзяваньні, што Эўропа гэтага цяпер не
заўважыць, а народ сьцерпіць.
Мы прытрымліваемся каштоўнасных і дэмакратычных прынцыпаў у
палітыцы і бачым, што рэжымам Лукашэнкі рэальна ня толькі не
была выканана ніводная ўмова павароту да дэмакратыі, а
наадварот, узмацніўся паварот да антыбеларускай
антыдэмакратычнай рэакцыі.
Мы лічым, што санкцыі Эўразьвязу аб няўезьдзе Лукашэнкі і групы
асобаў, падазраваных у злачынствах (забойствы людзей) павінны
быць пакінуты бяз зьменаў і ні ў якім разе не адменены. Гэтага
патрабуе лёгіка падзеяў і элемэнтарная справядлівасьць.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ і Беларускага
Народнага Фронту “Адраджэньне”
Зянон Пазьняк
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага
Народнага Фронту “Адраджэньне”
Юры Беленькі
Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
Сяргей Папкоў
Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
11 кастрычніка 2009, г. Менск.