КАРАБЕЛЬ ДА БЕЛАРУСІ
Яўген Шатохін –
вядомы беларускі мастак-графік, сябра мастацкай суполкі
“Пагоня”, дзе аб’яднаная эліта беларускага мастацтва.
Мастак пачынаецца з
таленту і з асобы. Талент даецца Богам. Асоба фармуецца воляй,
калі дадзена ёй хоць трошкі ад Духа Сьвятога. Асоба Шатохіна
фармавалася, відаць, як рэч у сабе. Лёс закінуў яго ў далёкую
расейскую каляніяльную дзіру на Поўнач, амаль пад Палярны круг.
Там цякло ягонае жыцьцё з дня ў дзень, з году ў год. Ратаваўся
падарожжамі. Пабудаваў сабе яхту, плаваў па рэках і вазёрах,
наведаў Салаўкі, аглядаў “помнікі” ГУЛАГу і драўлянае фінскае
дойлідзтва, шэрае закінутае жыцьцё.
Аднойчы ён заблукаў
на старыя рускія мясцовыя могілкі. Мярзота запусьценьня,
сьмецьце, цьвіль, пахілыя помнікі і крыжы, чужыя імёны… І тады
падумалася: “І гэта я тут буду ляжаць, у гэтай чужой зямлі?”
Мароз прабег па душы. Уражаньне было такое моцнае, што, прышоўшы
дадому, сказаў жонцы: “Усё! Едзем дадому! Вяртаемся ў Пінск! На
Беларусь!”
І паехаў. Толькі як!
Паплыў. Да Бацькаўшчыны трэба плысьці, як карабель, доўга,
упарта і пастаянна. Там наш порт і вечная гавань…
На сваёй яхце па
рэках і вадаёмах Шатохін прыплыў з-пад Палярнага круга аж у
Маскву. У Маскве яхту пагрузілі на чыгуначную платформу, скіпер
Шатохін залез у трум і паехалі ў Гомель пад стук калёс. У Гомлі
карабель апусьцілі ў Сож і адтуль – вецер у ветразі – поўны
наперад у Пінск. Бацькаўшчына наплывала, як казка: балаты,
палеская пойма навокал, старыя дубы з бусламі на верхавінах і
воблакі пад беларускім сьвежым ветрам…
Сустракаць карабель
на надбярэжжы Піны сабраліся родзічы, сваякі і знаёмыя. У
бінокль здалёку было відаць, што іх шмат. Тады з борта ў неба
паляцелі ракеты, усчалася цэлая кананада, а на беразе падкідвалі
ўгару шапкі і капелюшы…
Так Яўген Шатохін
(мастацкая натура) прыплыў да Беларусі. Ад чужых могілак – да
сябе, з думкаю пра душу. Але засталося яшчэ дайсьці. Дайсьці да
Беларусі.
І ён дайшоў. Дайшоў
таксама ад могілак, дзе ляжаў расстраляны народ. 29 кастрычніка
1989 года ён апынуўся ў Курапатах разам з тысячамі людзей, што
прынесьлі туды сямімэтровы Крыж Пакуты і ўсталявалі пад гукі
рэквіема і малітоўны сьпеў. Тое, што ён там убачыў, перавярнула,
як ён кажа, яго душу. З гэтага дня ён як нанова нарадзіўся,
зразумеўшы, што жыць трэба для Беларусі і тварыць для яе. Усё,
што рабілася, тварылася да гэтага дня, — здалося марным,
нікчэмным і непатрэбным…
16-га лістапада у
Амэрыцы на вернісажы творчых працаў Яўгена Шатохіна ў беларускім
Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне Антон Шукелойць выказаў
цікавае назіраньне пра беларускі адраджэнскі рух і змаганьне за
незалежнасьць. Усё ранейшае змаганьне (заўважыў А. Шукелойць)
узначальвалі лідары-юрысты, эканамісты альбо прафэсійныя
палітыкі (“пэр-стрыкто”). Але ў іх не атрымалася. Справа была
правалена. У Новым Беларускім адраджэньні за справу вызвольнага
змаганьня ўзяліся мастакі, і ў іх – атрымалася. Здабылі
незалежнасьць.
Сапраўды, Новае
Беларускае адраджэньне ўзначаліла, у асноўным, творчая
інтэлігенцыя. У 60-70-х гадах у Менску існавала моцная мастацкая
адраджэнцкая група, якая часта зьбіралася “На паддашку” (у
майстэрні мастака Яўгена Куліка). Шмат каго з гэтых асобаў 19
кастрычніка 1988 года на Ўстаноўчай канфэрэнцыі “Мартыралогу” я
прапанаваў у Аргкамітэт БНФ.
У Соймы БНФ першай
паловы 90-х было выбрана больш 10-ці мастакоў. Цікава, што
камуністы гэта разумелі. Памятаю, ня раз іхныя саркастычныя
рэплікі ў мой бок у Вярхоўным Савеце, маўляў, “всякие тут
кандидаты искусствоведения”, — грэбліва адзываліся яны,
сакратары райкамаў, абкамаў ды старшыні калгасаў і іншы
партгасактыў.
Яўген Шатохін
пастаянны сябра Сойму БНФ, пачынаючы з 90-х гадоў. Акрамя таго
ўваходзіць яшчэ ў Паліткамітэт Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі – БНФ. Яго навонкавае палітычнае захаваньне — тыповае для
адраджэнца: там, дзе Шатохін, там Бел-Чырвона-Белы сьцяг. У
Францыі ён маршыруе ў калёне французкіх ветэранаў зь вялікім
Беларускім сьцягам, у Бэрліне ён са Сьцягам на вакзале, на
пленэры на радзіме Васіля Быкава ягоны Сьцяг на высачэзнай мачце
пануе над навакольлем. Словам, дзе б мы ні былі, — гэта ёсьць МЫ
і гэта наш Сьцяг у сьвеце.
Мастацкае аблічча Я.
Шатохіна – гэта яго творчасьць. Тэмы яго мастацтва – партрэты
беларускіх людзей, краявіды Бацькаўшчыны, архітэктура ў
краявідзе, родны горад Пінск, натурморты беларускай працы і
асяроддзя (гарбузы, яблыкі, прылады працы, расьліны і г.д.).
Найбольш працуе
мастак у тэхніцы алоўка і акварэлі. Графічныя выявы яго
(асабліва партрэты) вельмі выразныя. Выразнасьць, вобразнасьць і
адметная манера штрыха – найбольш характэрныя рысы шатохінскай
творчасьці алоўкам. Ягоны почырк і выяўленчы стыль ня зблытаеш
ні з чыім іншым. Выразнасьць дасягаецца таксама за кошт вельмі
эканомнай лініі і ўменьня ўключыць белы фон паперы ў кампазыцыю
і пэрспэктыву ўсёй карціны, шляхам дынамічнага разьмеркаваньня
балянсу сьветлых і цёмных плямаў.
Я. Шатохін валодае
надзвычай патрэбнай і станоўчай якасьцю прафэсійнага мастака
добрага клясу – уменьнем своечасова спыніцца. Пасьля таго, як
зроблена асноўная мадуляцыя выявы, дасягнута выразнасьць
характару і чытэльнасьць вобразу, праца, практычна, спыняецца.
Даводзіцца да ладу балянс белага і чорнага, кампазыцыя плянаў,
дынаміка сьветлацені (калі ёсьць патрэба), паўтону, насычанасьць
штрыха – і ўсё на гэтым.
Ніводная праца Я.
Шатохіна не пакідае ўражаньня “замучанасьці” ці імкненьня
ўпрыгожыць прыгожае. Усё падпарадкавана асноўнай творчай задачы,
і нідзе мастацкі густ ня здраджвае аўтару.
Амаль усе партрэты
мастака, выкананыя алоўкам, — гэта так званыя “галаўныя
партрэты”, буйны маштаб.
Вядома, мастаку
лягчэй намаляваць такую выяву, але тут не ўцяканьне ад
цяжкасьцяў, а вынік манеры і творчага падыходу, дзе выразнасьць
аблічча і характару дасягаецца ў максымальным павелічэньні
кшталтам рэзкай мадуляцыі штрыха і пазьбяганьня лішняга.
Канцэнтрацыя толькі на галоўным. Вельмі характэрны ў гэтым сэнсе
“Партрэт бабы Кацырыны”. Тыпаж настолькі выразны і этнічна
трансцэндэнтны, што, здаецца, сягае аж да каменнага веку.
Адначасна нейкая стыхійная готыка ўгадваецца ў гэтым абліччы.
Тое ж у партрэце
Алеся Шатэрніка, зробленага ў больш мяккай манеры, але нібы на
адным дыханьні (а так яно й было).
Вельмі запамінаецца
“Партрэт дзядзькі Ўладзімера Данілавіча”. Тут малюнак больш
дэталёвы, з увагай да паўтаноў. Партрэт надзвычай выразны па
тыпажу: шапка-блін на ілбе, бульба-нос і вельмі самавіты, годны
выраз твару беларуса-працаўніка, моцнага, крыху крытычнага да
ўсяго, які ведае сабе цану.
Родны Пінск,
архітэктурны ансамбль Францысканцаў, што відаць з-за Піны, —
улюбёны сюжэт Яўгена Шатохіна. Такіх сюжэтаў на выставе некалькі
— у алоўку і акварэлі. Запамінаецца графічны ліст “У маім
горадзе – Сакавік”. Ліст вельмі прыгожа выштрыхаваны, але
галоўнае – тут схопленае нейкае (усім нам знаёмае на Беларусі)
таямнічае сьвятло, якое прыўносіць у душу абставіны сьветлага
камфорту і казачнай цеплыні.
Зьвяртаюць на сябе
ўвагу лісты зь вершамі Рыгора Барадуліна, напісанымі на выявах
рукой паэта. Асабліва глыбокі адухоўлены партрэт Барадуліна, у
вобразе мудрага добрага старога, аблічча якога у сьветлым німбе
нібы выплывае зь вечнасьці і з фактуры ліста.
Акварэльныя лісты (у
асноўным на тэму Пінска) удала ўпісаныя ў кампазыцыю выставы
(якую скампанаваў сам мастак) і зьяўляюцца каляровымі акцэнтамі
ўсяго экспазыцыйнага раду.
У нядзелю, 16
лістапада, на адчыненьні экспазыцыі сабралася добрая грамада
беларусаў. Адчыніў урачыстасьць Алесь Вінакураў, кіраўнік усёй
выставачнай працы Беларускага Музэю ў Нью-Ёрку. Гэта яго
стараньнямі быў запрошаны ў Нью-Ёрк Яўген Шатохін, падрыхтаваныя
буклеты, рэкляма, тэксты, выдрукі, плякаты па-беларуску і
ангельску і інш. Дапамагалі тэхнічна рыхтаваць экспазыцыю (як
заўсёды, сваім коштам) Мікалай Сагановіч, Васіль Кузьменка і
іншыя сябры-беларусы. Нагадваю пра гэта, бо ўся беларуская
выставачна-музэйная праца ў Нью-Ёрку трымаецца на энтузіязме і
зьяўляецца грамадзкім рушэньнем.
На адкрыцьці выставы
Яўген Шатохін распавядаў ня толькі пра творчасьць, але і пра
жыцьцёвыя абставіны, што спадарожнічаюць творчасьці мастака.
Нарадзіўся Я. Шатохін у Пінску ў 1947 г. Сябра Саюзу Мастакоў
Беларусі. Ён ёсьць заснавальнік Пінскай дзіцячай школы
выяўленчага мастацтва і з 1988 года быў яе дырэктарам. З 1989
года сябра Беларускага Народнана Фронту. У 1990-1999 гг. быў
дэпутатам Пінскага гарсавета ад БНФ. Мае мастацкія ўзнагароды і
мэдалі за сваё мастацтва. Выстаўляўся ў шматлікіх краінах
Эўропы. Ягоныя працы ёсьць у шмат якіх музэях, зборах, прыватных
калекцыях па ўсім сьвеце.
Мастацтва Я.
Шатохіна, як ён сам гэта ўяўляе і як гэта відаць, накіраванае
дзеля дабра, гонару і велічы Беларусі, якой пасьвячаецца
творчасьць і ўсё мастацкае служэньне.
19 лістапада 2008 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
кандыдат мастацтвазнаўства