88-я ГАДАВІНА СЛУЦКАГА ЗМАГАНЬНЯ
Дарагія землякі,
дарагія фронтаўцы – сябры Кансэрватыўна-Храсьціянскай Партыі –
БНФ!
Сёньня мы адзначаем
88-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну – легендарнай барацьбы
случакоў супраць расейска-бальшавіцкай навалы.
Гісторыя гэтай
гераічнай барацьбы ўвесь час папаўняецца новымі фактамі і новымі
дасьледваньнямі. І кожны раз, калі мы зьвяртаемся да слуцкай
гісторыі, мы адчыняем рэчаіснасьць і думкі, якія так ці інакш
адбіваюцца ў нашай сучаснасьці.
Перш за ўсё нас
уражвае той дух змаганьня і салідарнасьці случакоў перад
чужынскай небясьпекай і гатовасьць змагацца за волю і
незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Уражвае масавая
энэргія і ахвярнасьць людзей, у асноўным простых сялянаў,
энтузіязм у абароне сваёй Радзімы, калі тысячы людзей ішлі
дабраахвотна ў беларускае войска і беларускія маці самы
выпраўлялі сваіх сыноў на вайну з маскалём.
Гэта было сапраўднае
народнае рушэньне, якім кіравала калектыўная Рада Случчыны. Тут,
у цэнтры Беларусі, перад небясьпекай новай маскоўскай навалы
нібы адрадзіўся былы шляхецкі дух Вялікага Княства, калі перад
чарговым нападам Масквы зьбіралася войска, каб зьнішчыць ворага
і бараніць Літву.
Вось гэта тое вольнае
ўсьведамленьне, тая гатовасьць пастаяць за краіну і за сябе, тая
рашучысьць у абароне сваёй зямлі і сваёй волі, гэта тое, чаго
так не хапае цяпер, калі вораг і здрада залезьлі ў наш дом. Але
слуцкія ваяры даюць нам прыклад адносінаў да Бацькаўшчыны і да
яе ворагаў. Тут ёсьць чаму павучыцца ў нашых продкаў і ёсьць чым
ганарыцца.
Другое, што ўражвае,
гэта змагарнасьць случакоў, якія, ня маючы належнай зброі, вялі
зацятыя баі зь велізарнай маскоўскай ардой, выпіралі іх зь
беларускіх мястэчак і вёсак. Характэрна, што калі ў расейскім
войску аказваліся якія-небудзь беларусы, то яны не ваявалі, а
пераходзілі на бок случакоў. Тады расейцы пачалі выкарыстоўваць
супраць беларусаў кітайцаў, якіх ў бальшавіцкім маскоўскім
войску на Беларусі было амаль 40 адсоткаў жаўнераў. Але й гэта
не дапамагло расейцам. Усё вырашыла толькі арда – шматкроць
пераважная колькасьць войска, якую маскоўцы кінулі на случакоў.
І тады слуцкія ваяры адышлі з баямі за рэчку Лань у нэўтральную
зону.
Але некаторыя групы
случакоў усё ж не перайшлі за Лань, а засталіся на Случчыне і
яшчэ доўга нішчылі маскоўскіх камісараў, нагадваючы расейцам,
што прысутнасьць іх на Беларускай зямлі часовая і няпэўная.
Часовая прысутнасьць
і ўсіх цяперашніх ненавісьнікаў беларушчыны, што залезьлі ў наш
дом праз вакно. Праз вакно залезьлі – праз вакно і будуць
выскокваць у сваю Маскву. Скончыцца лукашызм, русіфікацыя і
гэбоўска-маскоўская акупацыя, як толькі беларусы злучацца ў
адзіны рух і адзіную сілу, як некалі нашыя продкі на Случчыне.
Трэба злучацца ў
Беларуcкі народны рух супраць расейшчыны, гэбоўшчыны і
лукашызму. Гэты час не за гарамі. Мы павінны быць падрыхтаванымі
да яго. Дух случакоў, іх гатовасьць бараніць Бацькаўшчыну хай
будзе нам прыкладам і ўзорам патрыятызму. Гераізм Слуцкага чыну
ня будзе забыты ніколі. Дзень збройнага выступу слуцкіх змагароў
стане памятным дзяржаўным сьвятам у вольнай беларускай Беларусі.
Слава героям слуцкага
змаганьня!
Жыве Беларусь!
27 лістапада 2008 г.
Зянон ПАЗЬНЯК