ВЫХАД З КРЫЗІСУ
Фінансава-эканамічны крызіс абняў палову сьвету,
асабліва захапіў Эўропу і Амэрыку.
У розных краінах ён адбываецца па-рознаму. Усюды
церпяць бізнэс, вытворчасьць, гандаль і банкі. Але, трэба
сказаць, простага чалавека ў Заходнім сьвеце крызіс закрануў
найменш даткліва. Тым часам у нас, на Беларусі, ён стукнуў
найбольш па простых людзях, па ўсім народзе. Чаму так адбылося,
што робіцца і што рабіць у гэтым становішчы?
Крызіс высьпяваў даўно і зьвязаны ён з несувымерным
павелічэньнем цаны за нафту, якая зьяўляецца адным з базавых
чыньнікаў фармаваньня цэнаў на тавары і адыгрывае ў сучасным
сьвеце ролю каталізатара сусьветных грошай (даляра). Актыўна
спрыяла гэтаму працэсу (палітычнымі мэтадамі) гэбоўская Расея,
эканамічнае існаваньне якой залежыць ад цаны на нафту.
Адначасна з ростам цэнаў на нафту адбывалася штучнае
зьніжэньне курсу амэрыканскага даляра з боку Амэрыкі і
інтэнсіўнае падвышэньне кошту нерухомасьці. Наступны этап –
падвышэньне курсу даляра і зьніжэньне цаны нерухомасьці.
На гэтых кіруемых працэсах нажываюцца
краіны-экспарцёры нафты (найбольш Расея) і асабліва (на манiпуляцыях
зь нерухомасьцю і курсах) -- групы, якія ўплываюць на
фармаваньне курсу сусьветнай валюты і цэнаў на нерухомасьць.
Летам мінулага году сістэма дала збой – банкі пераацанілі свае
магчымасьці: ня вытрымаў амэрыканскі народ, ня змог плаціць па
крэдытах (лопнула іпатэка). Пачаўся фінансавы крызіс, дакладную
прычыну якога “ня ведаюць” самы стратэгі і аўтары працэсаў.
Паказальнае выступленьне (былога ўжо) старшыні Фэдэральнай
Рэзэрвавай Сістэмы ЗША, прызнанага аўтарытэта ў фінансавым
сьвеце Алана Грынспэна ў Кангрэсе ЗША ў кастрычніку мінулага
году. Ён сказаў, што “памыліўся”, што сорак гадоў усё
атрымлівалася, а тут “памыліўся”, і ўсё перакулілася.
Расея, дзе няма нармальнай капіталістычнай эканомікі
і нармальнай, адпаведнай банкаўскай сістэмы, дзе гэбоўская група
ўлады пампавала свае нафта-даляры і думала, што так будзе вечна,
гэтая Расея адчула крызіс адразу і адразу ён набыў там пачварныя
формы. Усё гэта было цалкам прадказальным, варта было толькі
падумаць.
Вялікай небясьпекай і злачынствам перад будучыняй
было б зьвязаць большую палову нацыянальнага гандлю краіны і
адзіны імпарт рэсурсаў з такой дзяржавай, як Расея. Але рэжым
Лукашэнкі менавіта гэтакае злачынства сьведама і зрабіў. Крызіс
у Беларусь прыйшоў найперш з Расеі. Рэжым не рабіў нічога, каб
яму запабегчы. Наадварот, гаворачы людзям пра ўяўную
стабільнасьць, рыхтуючы вялікую дэвальвацыю, рэжым штучна трымаў
заніжаную цану ў беларускіх рублях за даляр у той час як даляр
зь лета мінулага году йшоў у гару. Гэта, як можна меркаваць,
дало магчымасьць атрымаць выгаду тым, хто ведаў пра дэвальвацыю.
Дзейнасьць рэжымнага кіраўніцтва Беларусі ва ўмовах
крызісу, які яно наклікала, прадыктаваная выключна і толькі
клопатам пра захаваньне сваёй улады, гэтак жа як і рэакцыя на
новыя дачыненьні Эўразьвязу да палітыкі антыбеларускага рэжыму.
Нічога ў прынцыпе не зьмянілася і ня будзе зьмяняцца ва
ўнутранай палітыцы на Беларусі (акрамя маленькіх і паказушных
саступак, якія не зьяўляюцца нават тэндэнцыяй). Зьнішчэньне
ўнутранага рынку гэтак жа, як і зьнішчэньне нацыянальнай
беларускай культуры, працягваецца.
Сустрэча зь прэзыдэнтам Юшчанкам, якая нядаўна
адбылася ў Чарнігаве, і чарговая ўяўная зацікаўленасьць
Лукашэнкі праектам Балта-Чарнаморскага калектара (БЧНК), за
ажыцьцяўленьне якога ўвесь час змагаўся Народны Фронт, -- гэта
зноў чарговае гульбішча рэжыму, каб выцыганіць малую цану за газ
ад пуцінскай Расеі. Атрымалі цану, і на гэтым цікавасьць да БЧНК
скончыцца. БЧНК ніколі ня стане зьместам эканамічнай палітыкі
лукашысцкага рэжыму, як ніколі ня стане марыянэтка распараджацца
сабой. Асобным эканамічным і
палітычным накірункам дзеяньня БЧНК быў толькі ў Народным
Фронце. Ажыцьцяўляючы гэтую ідэю, мы добра ўсьведамлялі, каму
яна будзе непадабацца. За БНФ і ўкраінскім Рухам стаяць ужо
міжнародныя дачыненьні і пагадненьні, распрацоўка праектнай
дакумэнтацыі па БЧНК і нават ахвяры
(зьнікненьне адказнага па
Калектару ад Народнага Руху Ўкраіны Міхайлы Байчышына ў 1993
годзе разам з дакумантамі БЧНК).
БЧНК не для антыбеларускага рэжыму і не для Лукашэнкі.
Жыцьцё беларусаў за гэтай уладай будзе няўхільна
пагаршацца. Рэжым ня здольны выйсьці з крызісу не разбурыўшы
грамадзтва і эканоміку, не абрабаваўшы народ і не загнаўшы яго ў
галечу (хаця крызіс сам па сабе павінен прыносіць
аздараўленьне). Аздараўленчае выйсьце з крызісу можа адбыцца
толькі пры адхіленьні гэтага рэжыму ад улады. Аналіз паказвае,
што наперадзе – грамадзка-эканамічны стрэс і вельмі цяжкі час,
калі толькі ня ўдасца хутка адвязацца ад вялікадзяржаўнага ціску
Расеі і пазбавіцца ад кіруючага рэжыму на Беларусі. У крызіснай
сытуацыі беларускі народ у прынцыпе мог бы выжыць сам, калі б у
яго была элемэнтарная свабода дзеяньняў і доступ да саёй
нацыянальнай уласнасьці. Але, зразумела, што яму не дадуць
дыхнуць, а будуць толькі душыць (дачыненьні з дробнымі
прадпрыймальнікамі – характэрная ілюстрацыя).
Трэба было б у гэтым становішчы даць людзям волю,
каб яны маглі ўнутры краіны рабіць (вырабляць), што хочуць і
прадаваць, што хочуць, дзе хочуць і каму хочуць. Патрэбныя на
гэтую дзейнасьць і на гэты час спрошчаныя невысокія падаткі.
Доступ грамадзянаў Беларусі да зямлі. Заахвочваць прыватныя
фермы і хутары. Трэба спрасьціць і аблегчыць грамадзянам выезд
на працу (на заробкі) за мяжу. Трэба панізіць мінімум ў дзесяць
разоў арэндную плату за памяшканьні, за рабочыя месцы на рынках,
у варштатах і г. д. Трэба ўвогуле скасаваць мафійную манаполію
на нерухамасьць, якой незаконна распараджаецца адзін чалавек.
Спыніць беспэрспэктыўнае будаўніцтва “аграгарадкоў” і г. д. па
ўсёй шкале, з чаго адразу відаць, што пры гэтым рэжыме зрабіць
нічога немагчыма. Крэдыты ад МВФ (можаце лічыць гэта за жарт)
патрацяць на пабудову лядовых палацаў у “Казючыках”
(адпрацаваная форма “адмыўкі” грошай і крадзяжу).
Ашчадны выхад з крызісу, паўтаруся, вымагае толькі
палітычнага рашэньня – ліквідацыі рэжыму, які гэты крызіс
падрыхтаваў. Дзеля гэтага трэба, мінімум, наяўнасьць пратэстных
настрояў у грамадзтве і наступная іх кансалідацыя на ідэі зьмены
кіраўніцтва і вяртаньня законнай Канстытуцыі 1994 года, якая
дасьць магчымасьць хутка ўпарадкаваць нармальную сістэму ўлады ў
краіне. Адпадаюць усе пытаньні пра “палаткі”, “сэнат”,
“вертыкаль”, выбарчае заканадаўства і
пра аўтарытарнага прэзыдэнта. У Беларускай дэмакратычнай
Канстытуцыі, якую незаконна адмяніў Лукашэнка, усё напісана як
рабіць.
У падрыхтоўцы людзей да патрабаваньня зьмены
збанкрутаванай улады ўзурпатараў і фальсіфікатараў ёсьць першыя
крокі да палітычнага выхаду з крызісу і задача грамадзянаў
краіны. Найперш бачу ў гэтым галоўную задачу тых патрыётаў, якія
стаяць на пазыцыях Адраджэньня, змаганьня, незалежнасьці і
беларускай дэмакратыі і не
пабеглі, як так званая вікаўская “апазыцыя”, прасіцца на службу
да рэжыма, каб дапамагчы ацалець прамаскоўскай ўладзе. Крызіс
ужо расстаўляе шмат што на сваё месца. Небясьпеку для
незалежнасьці Беларусі уяўляе ня крызіс, а існуючы антыбеларускі
рэжым. Каб ратаваць краіну трэба не падтрымліваць рэжым, а
зьнішчыць яго. Трэба скарыстаць крызіс, каб ліквідаваць уладу
цемры. Беларусам даецца шанц. Пасьля крызісу павінна стаць
выздараўленьне. Але патрабуецца толькі адно – хваробу перамагчы.
24 студзеня 2009
г.
Зянон ПАЗЬНЯК