Сымвалы
На нацыянальныя
каштоўнасьці мусіць быць адзіны агульны погляд і адзінае
ўсьведамленьне зьявы. Калі гэтага няма – нацыя ў бядзе. Ужо
толькі па гэтай прыкмеце можна сцьвярджаць пра нацыянальную бяду
беларусаў. Амаль дзьвесьце гадоў расейскай акупацыі і сістэмнага
вынішчэньня беларушчыны не мінаюць бяссьледна. Хвароба
каляніяльнага духу сядзіць яшчэ так глыбока, што нават некаторыя
адраджэнцы не пазьбеглі яе метастазаў.
Самы кур’ёзны прыклад
– гэта ўсхваленьне “трасянкі” (прытым адукаванымі людзьмі). Хаця
рэч агульнавядомая, што калі дзе-небудзь у сьвеце назіраецца
такая хімерычная моўная зьява, то гэта ёсьць працэс моўнай
дэградацыі і адлюстраваньне (абавязкова!) рэгрэсу аўтэнтычнай
культуры (існуе дастатковая літаратура і эмпірычны досьвед у
гэтым пытаньні).
Аналягічная
цераспалосіца і ў дачыненьні да сымволікі. Некаторыя кажуць, што
вось і добра, што Лукашэнка забараніў Беларускі Гэрб і Сьцяг.
Цяпер усё відаць, дзе хто ёсьць, ато толькі апаганіў бы
нацыянальныя сымвалы.
Аднак гэта ня ўся
праўда (і, нават, зусім ня праўда). Сэнс сьцягу і гэрбу глыбейшы
і сіла большая. Нацыянальныя дзяржаўныя сымвалы не дачасная рэч
і не разьменная манета. Яны па-над усім, і нават над часам.
Сьцяг веецца і над палітыкай, і над унутранымі канфліктамі,
пакуль існуе адзінства дзяржавы і лучнасьць нацыі. Гэта значыць,
што пакуль існуюць агульныя вечнасныя каштоўнасьці народа, што
прызнаюцца ўсімі. Не лукашысты прыдумалі Пагоню і беларускі
Бел-Чырвона-Белы сьцяг, і не прыдумаў іх Народны Фронт. Гэрб і
Сьцяг існавалі ўжо сотні гадоў і нарадзіліся ў гісторыі нашага
народу. Нацыянальны дзяржаўны гэрб Пагоня і гістарычны сьцяг
ніяк не маглі атаясамлівацца зь якім-небудзь палітычным рэжымам
і нават з палітычнай сілай, якая іх адрадзіла і ўзьняла. (Пасьля
зацьвярджэньня нацыянальнага Беларускага сьцяга і Пагоні ў
якасьці дзяржаўнага сьцяга і гэрба Рэспублікі Беларусь Народны
Фронт на ІІІ-м Зьезьдзе ў 1993 г. прыняў асобны Сьцяг БНФ –
трохканцовае трохпалоснае бел-чырвона-белае палатно з
шасьціканцовым крыжам на ўсю шырыню — і дзьве гэрбавыя эмблемы:
Вялікую эмблему з выявай Пагоні і Малую – з выявай
шасьціканцовага крыжа Пагоні)
Нацыянальны дзяржаўны
Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня лучацца з усёй беларускай
нацыяй і адлюстроўваюць існаваньне незалежнай Беларускай
дзяржавы.
Калі б усе гэтыя
цяжкія гады Беларускі сьцяг і гэрб Пагоня існавалі ў якасьці
дзяржаўных сымвалаў, яны б культурна і дзяржаўна дапамагалі
кансалідаваць нацыю, падымалі б ў беларусаў пачуцьцё гонару і
гістарызму нацыянальнага існаваньня і сьведчылі б пра гэта ў
сьвеце. Палітычныя канфлікты маглі б нават разьдзіраць
грамадзтва, але Беларускі сьцяг веяўся б над усім сымвалам
салідарнасьці і нагадваў бы пра адзінства.
Лукашысты, якія
ськінулі Гэрб і парвалі Беларускі сьцяг, зрабілі злачынства
перад нацыяй. Злачынства, якое вымагае абавязковага пакараньня.
Сама гэтая падзея
(незаконны фальшывы рэфэрэндум, парваньне сьцяга) ёсьць
адлюстраваньнем сутнасьці таго, што адбывалася: уладу ў Беларусі
захапілі антыбеларускія прамаскоўскія сілы. Парваньне
Беларускага сьцяга ёсьць сымвал іхняй палітыкі ў дачыненьні да
Беларусі (этнацыд, закрыцьцё беларускіх школаў, перасьлед мовы,
разбурэньне беларускага друку, перасьлед беларускай літаратуры,
фальсіфікацыя гісторыі, адчыненьне межаў перад расейскай
палітыкай і разьведкай, русіфікацыя, бяспраўе людзей, рэпрэсіі
па ідэалягічнай прыкмеце і г.д. – усё, што культурна і этнічна
нішчыць і разбурае беларускі народ).
Грубы невук Ціцянкоў,
рвучы Беларускі сьцяг на вачах усяго грамадзтва, прадэманстраваў
цёмны рытуал паніжэньня народа, які маўчаў. У старажытнасьці
такія дзеяньні змываліся толькі крывёй. Цяпер іншыя часы. Але
калі нацыя не асудзіць гэты бруд – яна не падымецца.
Зразумела, што
антынацыянальны рэжым ня мог кіраваць пад Беларускім сьцягам і
беларускім Гэрбам. Але мусіць быць зразумела таксама, што для
нацыі страта Сьцяга і Гэрба нават у такой акупацыйнай сітуацыі,
— гэта ня “добра”, а вельмі дрэнна.
Наша Беларуская ідэя,
наша Бацькаўшчына, нашыя Сымвалы – цяпер у падпольлі. Тым часам
пад афіцыйным чырвона-зялёным сьцягам савецка-маскоўскай
акупацыі змушаюць хадзіць нашу моладзь, нашых спартоўцаў і
вайскавікоў. Як жа рэалізаваць адзінства нацыі, калі існуюць
сымвалы падзелу? Нават на міжнародным футбольным матчы такое ўжо
не ўдаецца.
Вельмі важна
разумець, што такое дрэнна і што такое добра. У палітыцы няма
“пустых паперак”, пустых сымвалаў і нават “пустых ідэй”. Усё
вымагае асэнсаваньня, бо ўсё можа быць скарыстана і ўсё можа
перамяніцца. Няма ніводнай ідэі, нават самай бязглуздай, якая б
не знайшла пасьлядоўнікаў (напрыклад, ідэя джынсавай
“парцянкі”). Калі ёсьць ружжо – яно некалі можа выстраліць.
Дыктатарскія
антынацыянальныя і акупацыйныя рэжымы гэта скрозь пацьвярджаюць.
Успомнім першае агульнанацыянальнае палітычнае дзеяньне, першую
агульнанацыянальную перамену, якую зрабіла каманда Лукашэнкі,
захапіўшы ўладу. Першым дзеяньнем было – ліквідацыя дзяржаўных
сымвалаў нацыі – Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрбу “Пагоня”.
Рытарычнае пытаньне:
які першы чын мусяць зрабіць беларусы пасьля ліквідацыі
прамаскоўскага рэжыму? Адказ зразумелы – вярнуць нацыянальныя
сымвалы дзяржавы. За тымі, што будуць здольныя зрабіць такі чын,
за тымі і станецца будучыня. Тут простае назіраньне. Тыя, што
гэтага ня зробяць, — тыя працягнуць прамаскоўскую палітыку
нішчэньня ўсяго беларускага. Вось што такое Сымвалы нацыі.
24 кастрычніка 2006 г.
Зянон Пазьняк