Зянон Пазьняк назваў імёны курапацкіх вандалаў
Ганна Соўсь
У
ранішнім эфіры “Свабоды” адкрывальнік Курапатаў, лідэр
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк абнародаваў
імёны маладзёнаў, якія валілі крыжы ў Курапатах.
Ганна Соўсь:
На мінулым тыдні была спыненая крымінальная справа супраць
вандалаў, якіх затрымалі ў Курапатах грамадзкія актывісты ў той
час, калі яны валілі крыжы. Якую выснову з гэтага трэба зрабіць
людзям, для якіх Курапаты ёсьць сьвятым месцам? Працягваць
патруляваць урочышча? Спрабаваць высьвятляць імёны вандалаў і
імёны тых, хто даваў такія загады?
Зянон Пазьняк:
Выснову трэба зрабіць такую, што прамаскоўскі рэжым у Беларусі
зацікаўлены ў зьнішчэньні Курапатаў і стымулюе, падтрымлівае
вандалізм. Ніхто наўпрост загадаў вандалам не даваў, інакш бы
вандалы маглі закласьці заказчыкаў. ГБ гэта робіць праз агентуру
ўплыву. Агентамі ўплыву маглі быць сябры, настаўнікі і нават
бацькі вандалаў.
Што датычыць
высьвятленьня імёнаў вандалаў, пра што Вы кажаце, то няма
пытаньня. Трэба было спытаць у мяне. Вось іхнія імёны і
дадзеныя. Першы вандал – Астрэйка Павал Андрэевіч,
нарадзіўся 29 сьнежня 1990 году ў Ніжневартаўску Цюменьскай
вобласьці, Расея. Другі вандал – Шышко Вадзім Дзьмітрыевіч,
нарадзіўся 7 чэрвеня 1992 году ў Менску.
На пытаньне, што
рабіць, адказ такі. Трэба патрабаваць, каб органы рэжымнай ўлады
выконвалі законы. Ёсьць два шляхі – працэсуальны і
грамадзка-палітычны. Трэба выкарыстаць абодва.
Соўсь: Заўтра
заступае на пасаду новаабраны прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Як вы
мяркуеце, палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе нейкім
чынам скарэктаваная, зьмененая?
Пазьняк: Я
думаю, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Беларусі ня зьменіцца. У
гэтым пытаньні мае значэньне, якую вагу пры Абаму будзе мець
Байдэн. Бо гэта разумны палітык, і яму не мроіцца душа Расеі ў
вачах Пуціна. У яго зрок хутчэй як у Маккейна.
Соўсь: Зянон
Станіслававіч, у гэтыя дні споўнілася 15 гадоў, як у “Народнай
газете” быў надрукаваны ваш ужо легендарны артыкул “Аб расейскім
імпэрыялізьме і ягонай небясьпецы”. У гэты ж дзень адбыўся
таксама візыт прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь, і ў гэты
ж дзень адбылася экстрадыцыя з Менску літоўскіх камуністаў
Буракявічуса і Ермалавічуса. Скажыце, калі ласка, а чаму артыкул
“Аб расейскім імпэрыялізьме і ягонай небясьпецы” быў надрукаваны
па-расейску? Вы хацелі пашырыць кола чытачоў ці былі іншыя
прычыны?
Пазьняк: Каб
пашырыць кола чытачоў, трэба друкаваць артыкулы пра праблемы
нацыі па-беларуску, тады іх прачытае эліта грамадзтва. Людзі,
якія шмат што разумеюць і якія зацікаўленыя і ўмеюць думаць пра
дзяржаву. Пісаньне такога кшталту артыкулаў па-руску амаль
пустапарожняя справа, бо адукаваны па-руску абывацель далёкі ад
беларускіх нацыянальных праблемаў. Не марнуецца такая праца
толькі таму, што беларуская эліта, якая валодае рускай мовай,
таксама можа гэты артыкул прачытаць. І толькі ад гэтага, што яна
прачытае, ён робіцца зьявай грамадзкай думкі. Русіфікаванага
абывацеля тым часам нацыянальныя пытаньні не цікавяць. Ягоная
рэакцыя на беларускія праблемы – маўчаньне альбо лямант ці
злосьць, калі нешта яго напалохае ці здасца яму страшным.
Менавіта гэта і здарылася з артыкулам пра рускі імпэрыялізм.
Вэтэраны НКВД завылі
так, што прачнуліся нават нябожчыкі КПСС і далучыліся да
агульнага хору. Артыкул быў напісаны яшчэ ў 1993 годзе
спэцыяльна па-руску, для "Советской Белоруссии" згодна
запрашэньня там друкавацца. Аднак галоўны рэдактар Ігар Асінскі
адчайна працівіўся публікацыі. Згодна тагачаснага закону
рэдактара можна было прымусіць надрукаваць артыкул Народнага
дэпутата. Але я ніколі не карыстаўся гэтым правам. Так і тады, я
не стаў ціснуць на Асінскага, забраў артыкул і аднёс у "Народную
газету", Сярэдзіч яго і надрукаваў. На перапісваньне
па-беларуску ў мяне ўжо проста не хапіла часу.
19 студзеня 2009 г.
Радыё Свабода