Веліч Быкава адбілася ў гістарычным выбары
(Радыё Свабода, Сяргей Навумчык, 19.06.2009)
Заснавальнік БНФ Зянон Пазьняк кажа, што Васіль Быкаў адыграў
вялікую ролю ў аднаўленьні Незалежнасьці Беларусі
Пазьняк: “Як толькі падумаю пра Быкава — пачынаецца
шчымленьне душы. Гэта таму, што хацелася б, каб Быкаў быў
пастаянна. У ім вымоўнае супадзеньне вялікага пісьменьніка,
вялікай асобы і народнага лёсу цэлага пакаленьня. Прачытаўшы
“Доўгую дарогу дадому”, дзе Быкаў апісвае беднае, галоднае сваё
дзяцінства пад бальшавіцкай акупацыяй, потым вайну, якую ён
прайшоў разам з фронтам “ад званка да званка”, цяжкія
пасьляваенныя гады, — стала зразумела, што ён ўвабраў усё гэта ў
сваёй душы. Але змрочная рэчаіснасьць не зламала, не агрубіла
яго, бо меў ён прыроджаныя якасьці інтэлігентнай натуры і
здаровага сэнсу. Гэта — тое, што ў цяжкіх варунках даецца
чалавеку як дар Духа Сьвятога. У гэтым ёсьць і прырода яго
таленту, і прырода мудрасьці. Аснова, урэшце, яго літаратурнага
экзыстэнцыялізму.
Веліч яго як пісьменьніка адлюстраваная ў яго творах, вобразах,
ідэях, карцінах народнай рэчаіснасьці і лёсах народнага жыцьця.
Гэта пісьменьнік сапраўды народны і беларускі.
Веліч яго асобы адбілася ў яго гістарычным выбары.
Калі вырашаўся лёс нацыі і будучыні Беларусі, ён, ужо немалады,
стаў у шэрагі змагароў Народнага Фронту. Стаў сьмела, без
папроку і сумневу, і разам з усімі адчуў радасьць найвялікшай
падзеі стагодзьдзя — здабыцьцё і вяртаньне дзяржаўнай
Незалежнасьці Беларусі. Яго бескампрамісная народная
адраджэнская пазыцыя прыцягвала да яго добрых людзей. І
адначасна яна дэмаскавала фальшывасьць шмат якіх афіцыйных
асобаў, што займаліся словаблудзтвам і няшчыра сьпявалі яму
хвалу. Гістарычны выбар Быкава скрышталізаваў, ачысьціў адносіны
да яго творчасьці. Усё сьветлае — пайшло з Быкавым. Уся дрэнь —
адпала, засталася сама з сабой.
У
вольнай, сьветлай Беларусі будуць стаяць помнікі вялікаму
пісьменьніку, будуць плошчы і вуліцы, названыя яго імем, будуць
бібліятэкі яго імя, і памяць пра яго будзе вечнай”.