Уся
мая праца накіравана на тое, каб паскорыць вяртанне ў Беларусь
Віталь Малькевіч
У
інтэрв’ю “Еўрарадыё” Зянон Пазьняк распавёў пра тое, ці вернецца
на Радзіму, па чым сумуе ў Беларусі, а таксама колькі яшчэ
“Курапатаў” акружаюць Мінск.
Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзяды. Апазіцыя па традыцыі наведвае
ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя сотні тысяч ахвяраў савецкага
рэжыму. Менавіта ў гэтым месцы на Дзяды дваццацігадовай даўніны
адбыўся першы масавы антыкамуністычны мітынг. Папярэднічаў яму
артыкул Зянона Пазьняка, які выкрыў месцы расстрэлаў і распавёў
пра гэта ўсяму свету.
Зянон Станіслававіч, як вы даведаліся пра Курапаты?
Зянон Пазьняк: Пра Курапаты я даведаўся ў пачатку 1970-х
гадоў. Я жыў там непадалёк на вуліцы Кальцова. Каля Курапатаў
тады яшчэ дамоў не было. Там былі вёскі. І вось я размаўляў з
людзьмі, якія жылі ў вёсках, і яны мне пра гэта расказвалі. Тады
нельга было публічна выйсці з такой інфармацыяй. Па-першае,
ніхто б яе не надрукаваў, а па-другое, гэта было небяспечна, бо
гэтае месца маглі знішчыць. Неабходна было збіраць звесткі і
чакаць свайго часу. Так склалася жыццё, што гэты час прыйшоў.
Сенсацыйны артыкул пра Курапаты быў надрукаваны ў ЛіМе 3 чэрвеня
1988 года. Як вам удалося гэта зрабіць?
Зянон Пазьняк: У асноўным гэта дзякуючы гераізму
рэдакцыі. Гэта ўвогуле ўнікальны выпадак, калі пры Савецкім
Саюзе ўзбунтавалася ўся рэдакцыя, не падпарадкавалася ЦК і
выступіла за тое, каб артыкул быў надрукаваны. Запусцілі ў друк,
і тады з ЦК было ўказанне спыніць машыны, раскідаць набор. І
вось тады і ўзбунтавалася ўся рэдакцыя: усе да аднаго. Сабралі
сход і пастанавілі друкаваць. У дадатак я хадзіў да Васіля
Ўладзіміравіча Быкава, паколькі патрэбна было заручыцца
аўтарытэтнай падтрымкай, прасіў яго, каб ён зрабіў уступнае
слова. Быкаў дапамог, зрабіў гэтае слова. І такім чынам, калі
гэты артыкул выйшаў, ён зрабіў, як я лічу, сваю гістарычную
ролю. Яго выхад быў раўназначны ўзрыву атамнай бомбы.
Ці
лічыце, што вы сталі вядомым палітыкам менавіта дзякуючы
Курапатам?
Зянон Пазьняк: Курапаты ў пэўным сэнсе былі такой вехай у
маім жыцці. І, безумоўна, вядомасць прынеслі Курапаты ў першую
чаргу. Потым ужо была палітычная дзейнасць, незалежнасць,
Вярхоўны Савет. Але першае – гэта Курапаты! Даведаўшыся пра
Курапаты, людзі даведаліся і пра чалавека, які гэта адкрыў,
даследаваў і апісаў.
Колькі такіх “курапатаў”, на ваш погляд, вакол Мінска?
Зянон Пазьняк: Вакол Мінска я налічыў каля дзясятка. Я
спрабаваў даследаваць Лошыцу. — гэта пасля Курапатаў самае
буйное месца расстрэлаў — але мяне апярэдзілі. Там некалькі
метраў насыпалі жвіру і пабудавалі гаражы. Таксама ёсць у раёне
Баравой, недалёка ад вёсачкі Дроздава. Вельмі буйное месца
расстрэлаў было ў лесе Ваньковіча, цяпер гэта Парк Чалюскінцаў.
Вы
цяпер у Варшаве. Чым тут займаецеся?
Зянон Пазьняк: Асноўны час забірае палітычная дзейнасць.
Работа наша практычна падпольная. Шмат рознай цякучкі. Ёсць
праца і ў эміграцыі. Ёсць тут праблемы, якімі трэба займацца.
Разам з тым я працую над артыкуламі і над кнігамі. Я пастаянна
нешта пішу, аналізую. І таксама на варштаце маю некалькі кніг. У
любы свабодны час, у кожную свабодную хвіліну сядаю і пачынаю
патроху рабіць.
А
ці збіраецеся вы вярнуцца ў Беларусь?
Зянон Пазьняк: Гэтая думка ў мяне існуе пастаянна. Уся
мая праца, уся мая работа накіраваная на тое, каб гэты час
прыспешыць. Я, дарэчы, прыязджаў ужо ў Беларусь. У 1996 годзе 26
красавіка, праз месяц пасля эміграцыі. Гэта была проста
дэтэктыўная гісторыя, як мне ўдалося праехаць праз мяжу. На
мітынгу я быў. Я быў з аховай, бо я ўжо ведаў, што мяне будуць
браць пасля мітынгу. Закончылася гэта штурмам. Мы
забарыкадаваліся ў Сядзібе, нас акружылі і потым штурмавалі. Але
ж мне ўдалося выйсці з гэтага становішча. Пасля я яшчэ два тыдні
быў у падполлі ў Мінску, а потым перабраўся ва Ўкраіну, затым ў
Чэхію і гэтак далей. Так што прыезд ужо быў. Ён дакладна
паказаў, што будзе. Мне ехаць цераз гэтую мяжу — раўназначна
самагубству, таму што я ведаю дакладна тыя распараджэнні, якія
ідуць асабіста ад Лукашэнкі. Яны гучаць так: пры
непадпарадкаванні і аказанні супраціўлення страляць на
паражэнне. Так што, усе тыя размовы: вернецца, не вернецца —
альбо такое інфантыльнае аматарства, альбо гэта свядома робяць
людзі з правакацыйнымі мэтамі, каб у людзей, якія не вельмі
разбіраюцца, пасеяць дрэннае ўражанне пра чалавека. Вось ён тут
не вяртаецца… Узяў бы і вярнуўся.
Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў было модна пужаць грамадства
вашым вяртаннем. У інтэрнэце з’яўляліся вершы, і песні нават
складалі пра гэта…
Зянон Пазьняк: Я толькі чуў… Быў такі на рускай мове
“Занон-Хоп” (смяецца). Ну, хто яго ведае. У інтэрнэце столькі
дзівакоў розных, што часам цяжка адрозніць, дзе “гэбэ”, а дзе
дзівак. Цяжка мне сказаць. Я так з пацісканнем плячэй паставіўся
да гэтага.
Па
чым найбольш сумуеце ў Беларусі?
Знаеце, як не дзіўна, але не хапае краявіду. У першую чаргу.
Калі глядзіш на фотаздымкі, цяперашнія, былыя, там, дзе краявід
Бацькаўшчыны, — немагчыма… Сціскае за сэрца і за горла. І не
толькі мяне. Кожнага беларуса, які перажывае такія цяжкасці —
немагчымасць вярнуцца на Радзіму. Прырода мае вельмі вялікае
значэнне. З поўным усведамленнем кажу. Я шмат, дзе быў. Нідзе
няма харашэйшага краявіду, як у Беларусі. Абсалютна ўнікальны
марэнны пейзаж, абсалютна ўнікальны. Такога вось дыхання, такога
адчування вечнасці, адчування Бога няма нідзе. Для беларуса
вельмі цяжка — расстацца са сваім краем. З тым, што стала
часткай наша душы. А гэта наша зямля, наш краявід.
Уся мая праца
накіравана на тое, каб паскорыць вяртанне ў Беларусь
— 10Mb,
MP3
Эўрапейскае радыё
02.11.2008